top of page

ЗНАЁМСТВА З СЕМІНАРЫЯЙ

"Брама"

Такім чынам, пачнём з галоўных варотаў, праз якія можна трапіць у нашу ўстанову. Яны знаходзяцца ў гэтым месцы ўжо больш за пяць стагоддзяў. За гэты час пабачылі самых розных людзей, а сёння таксама працягваюць сустракаць маўклівым позіркам кожнага,  хто ўваходзіць. 

"Фурта"

Наступным этапам нашай прагулкі будзе семінарыйная прахадная. Семінарыя – гэта ўсё ж такі асаблівае месца, а таму трапіць у яе так, як у кожную іншую навучальную ўстанову, не атрымаецца.  Спачатку прыйдзецца сустрэцца з ветлівым і добразычлівым семінарыстам (клерыкам), растлумачыць яму мэту візіту, пасля чаго ён дасць патрэбную інфармацыю або правядзе ў памяшканне для гасцей і пакліча адпаведную асобу. Думаю, што ён надоўга Вас не затрымае!

Капліца

Тут жа, побач з уваходам, знаходзіцца “сэрца” семінарыі – капліца. Гэтае параўнанне невыпадковае. Капліца адыгрывае ў семінарыі тую ж ролю, што і сэрца ў арганізме чалавека. У гэтым месцы клерыкі атрымліваюць самыя важныя ўрокі, бо настаўнікам на гэтых уроках з’яўляецца сам Пан Бог! У капліцы кожны дзень цэлебруецца агульная св. Імша, практыкуюцца сумесныя малітвы (ранішнія, вячэрнія, на працягу дня), духоўныя канферэнцыі. Тут мы чытаем духоўную літаратуру, тут кожны клерык знаходзіць час на індывідуальную малітву і размову з Богам. Аб капліцы, як аб самым важным месцы,  праяўляе клопат уся семінарыйная супольнасць. Як бачыце, капліца прыгожая! Сваёй прыгажосцю яна перш за ўсё абавязана прысутнасці Хрыста ў табернакулюме і той асаблівай малітоўнай атмасферы, якая пануе ў гэтым месцы. 

Вучэбная аўдыторыя

Затым зазірнём у адну з нашых аўдыторый. Тут студэнты семінарыі атрымліваюць фундаментальныя веды пра Пана Бога, каб у будучыні стаць вернымі вестунамі Добрай Навіны. Тут праходзяць лекцыі па розных прадметах: тэалогіі, філасофіі, катэхетыцы, гамілетыцы, класічных і сучасных моў, гісторыі Касцёла і г. д. У будучыні гэтыя веды, безумоўна, спатрэбяцца ў святарскім служэнні. 

Студэнцкі
пакой

А зараз у нас ёсць унікальная магчымасць убачыць, як выглядае пакой студэнта. У такіх пакоях клерыкі жывуць, вучацца і адпачываюць. Пакоі хоць і невялікія, але вельмі ўтульныя і зручныя. Клерыкі асабіста клапоцяцца аб чысціні і парадку ў сваім пакоі, таму яны заўсёды радуюць вока сваім знешнім выглядам. 

Сталовая

Цяпер зойдзем у семінарыйную сталовую. На жаль, яшчэ не прыдумалі спосаб перадачы смаку праз Інтэрнэт, таму мы не зможам пачаставаць вас, але паверце нам на слова, што ежа тут вельмі смачная, каларыйная, прыгатавана з любоўю цудоўнымі гаспадынямі і таму надае новыя сілы, патрэбныя для вучобы і выканання розных абавязкаў.

Бібліятэка

Бібліятэка. Больш інфармацыі аб ёй вы зможаце даведацца ў асобным раздзеле нашай старонкі. Скажу толькі, што гэта скарбніца нашай семінарыі. Тут можна знайсці розную літаратуру, як духоўную, так і навуковую, патрэбную для вучобы ці напісання курсавых і дыпломных прац.

Семінарыйны двор

Закончым наш візіт прагулкай па семінарыйным  двары. Адсюль адкрываецца прыгожы від на горад, а таму ў вольны час клерыкі з ахвотай шпацыруюць па гэтым двары, выкарыстоўваючы для гэтага кароткія перапынкі паміж заняткамі.

Дзякуем за нашую кароткую сумесную прагулку. Мы спадзяёмся, што яна была цікавай і нам удалося паказаць не толькі сцены і будынак, але і перадаць братэрскую атмасферу, якая пануе ў гэтым асаблівым месцы – Духоўнай семінарыі!

bottom of page