top of page

Аб свяце Ахвяравання Пана і не толькі



2 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Ахвяравання Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. Гэтае свята, вядомае яшчэ з хрысціянскай старажытнасці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова з’яўляецца і святам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных святаў.


Згодна з Евангелем ад Лукі (гл. Лк 2, 22-39), на саракавы дзень пасля Нараджэння Хрыста, Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісаннага законамі Старога Запавету. Таксама яны павінны былі прынесці ахвяру у выглядзе дзвух галубак, або пары туркавак, якая была таксама прадпісана законам, у знак удзячнасці за дзіця. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17).




Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаннем», бо гэта дзень, калі Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах праходзяць святочныя набажэнствы. На пачатку святой Імшы адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля». Пасля гэтага адбываецца звычайны рыт святой Iмшы.


Стрэчанне сімвалізуе сабой сустрэчу Старога і Новага запавету. Адзін з Айцоў касцела пісаў: «Праз Сімяона ўвесь Стары Запеват, людзі якія не мелі збаўленя, з супакоем адыходзяць у вечнасць, уступаючы месца хрысціянству…»

Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязмежна ўзвысіў Яе. Але прынесшы Дзіцятка Езуса ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Яго цярпенне за збаўленне свету.


Асвячаныя ў гэты дзень свечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.

Святы Сімяон чалавек сціплы і справядлівы — як падае традыцыя з'яўляецца адным са сямідзесяці двух , якія пераклалі Святое пісанне з габрэйскай на грэцкую мову, па загаду египецкага цара Пталемея II Філадэльфа (285—247 да н. Х.). Калі святы Сімяон перакладаў кнігу прарока Ісаі і прачытаў словы: «Вось Дзева ва улонні прыйме і народзіць Сына», ён падумаў, што гэта яўная апіска і замест «Дзева» павінна быць «Жанчына», і палічыў сваім доўгам выправіць памылку ў тэксце. Але анёл Пана затрымаў руку святога Симяона і даў яму абяцанне, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць сапраўднасці прароцтва прарока Ісаі.


Фота з www.vaticannews.va/be

Цікава, што…

У 1997 г. папа Ян Павел ІІ гэты дзень ў Касцёле ўстанавіў Днём кансэкраванага жыцця. У гэты дзень вернікі маюць магчымасць задумацца над асаблівай формай жыцця ў Касцёле, якой ёсць манаскае жыццё. Бог кліча некаторых людзей, каб на ўзор Езуса ахвяравалі Богу сваё жыццё. Кансэкрацыя – гэты і ёсць адданне свайго жыцця на выключную службу Богу. Мужчын і жанчын, якія пайшлі за голасам Божым і ахвяравалі Яму сваё жыццё, праз адрачэнне ад сваёй маёмасці (шлюб беднасці), сямейных адносін (шлюб чыстасці) і сваёй волі (шлюб паслухмянасці) называем манахамі і манахінямі, або законнікамі і законніцамі.

 

Кл. Уладзіслаў Малышка

134 просмотра

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page