
Адвэнт — час радаснага чакання Нараджэння Хрыста нашага Збаўцы, Ён падараваў нам сваё жыццё, дзеля нашага збаўлення. У Каталіцкім Касцёле Адвэнт (з лац. adventus — чаканне, прыйсце) распачынае літургічны год.
Узгадваем першае прыйсце Хрыста, якое стала спаўненнем абяцання, змешчанага ў трэцім раздзеле кнігі Быцця (пар. Быц 3, 15). Яго называюць протаевангеллем, адказам на першародны грэх і зло ў свеце. Адначасова глядзім у будучыню, а значыць усведамляем і верым у тое, што Хрыстус “прыйдзе судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца”.
Ёсць яшчэ трэцяе прыйсце Пана, яго можна назваць асабістым адвэнтам. Езус хоча быць госцем у сэрцы кожнага чалавека. Ён хоча прыйсці да нас цяпер, сёння. Асабісты адвэнт асаблівым чынам выяўляецца ў любові да людзей, калі мы жывем як браты і сёстры, калі набліжаемся да самых абяздоленых: людзей у сталым веку, хворых ці самотных, асобаў з абмежаванымі магчымасцямі…
У цяперашняй сітуацыі, пазначанай пандэміяй, можам прадэманстраваць салідарнасць і сяброўства. Шмат людзей з гатоўнасцю і ахвотай служаць іншым. Іх шчодрасць нагадвае нам, што ўзаемная дапамога адкрывае наша сэрца Хрысту.
Адкрыцца насустрач Богу, сустрэцца з Ім, зрабіць сэрца калыскай для Яго – вось у чым сутнасць асабістага адвэнту.
Малітва на Адвэнт: Усемагутны Божа, дай нам у дбайным чуванні чакаць прыйсця Твайго Адзінароднага Сына, каб з запаленымі светачамі выйшлі Яму насустрач, як Ён сам вучыць нас у Евангеллі. Міласэрны Ойча прыйсцем Твайго Сына асвятлі цемру нашага сэрца і ўчыні нас удзельнікамі свайго боскага жыцця. Амэн.
духоўны айцец Ян Сарэла