top of page

"Гісторыя кожнага паклікання амаль заўсёды спалучаецца са сведчаннем нейкага святара"


Чацвёртая Велікодная нядзеля называецца ў літургіі Нядзеляй Добрага Пастыра. Хрыстус, Добры Пастыр, аддаў сваё жыццё, “каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно”. Ён быў пасланы да ўсіх, асабліва да грэшнікаў, да людзей, якія жывуць на краі жыцця. Для Бога кожны чалавек - гэта асоба, а не выпадкова сустрэты ананім. Пра кожнага з нас Езус клапоціцца, абараняе ад уплыву ілжэпрарокаў. Ён – брама для авечак, Ён прыйшоў для таго, “каб мелі жыццё і мелі ў дастатк”.

Сённяшняя нядзеля таксама з'яўляецца Сусветным днём малітваў аб пакліканні. Сведчанне Езуса - Добрага Пастыра і тых, хто верна крочыць за Ім, нараджае новыя пакліканні. “Самым галоўным і найбольш эфектыўным сродкам абуджэння паклікання – як пісаў св. Ян Павел II – сведчанне жыцця святароў, іх безумоўная адданасць справе Божай, іх поўнае любові служэнне Хрысту і Касцёлу – служэнне крыжа, прынятага з пасхальнай надзеяй і радасцю, і, нарэшце, братэрская згода i гарачае жаданне евангелізацыі” (PDV, 41).

Калісьці Бэнэдыкт XVI сказаў: “Гісторыя кожнага паклікання амаль заўсёды спалучаецца са сведчаннем нейкага святара, які ў радасці перажывае сваю сутнасць і служэнне бліжнім дзеля Валадарства Божага. Блізкасць і слова святара прыводзяць да ўзнікнення пытанняў і да прыняцця канчатковых рашэнняў”.

Малітва ў інтэнцыі пакліканняў.

Езу, Сыне Бога, у якім прабывае ўся паўната Боства. Ты клічаш ахрышчаных выплысці на глыбіню, каб адважна крочыць шляхам праўды і любові. Абудзі ў сэрцах маладых людзей імкненне быць у сучасным свеце сведкамі магутнасці Тваёй любові. Напоўні іх духам мужнасці і разважлівасці, які будзе весці іх да глыбокага пазнання таямніцы чалавека, каб яны былі здольныя адкрыць усю праўду пра саміх сябе і пра ўласнае пакліканне.

Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Збаўцы, нястомная Правадырка на шляху да Бога і бліжняга! Ты захавала словы Езуса ў глыбіні свайго сэрца. Падтрымай сваім матчыным заступніцтвам сем’і і касцёльныя супольнасці, каб яны дапамагалі маладым людзям шчыра адказваць на заклік Пана. Амэн.

духоўны айцец Ян Сарэла

233 просмотра

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page