top of page

Разважанне на Адвэнт ад духоўнага айца




“Усемагутны Божа, просім Цябе, дай верным Тваім такую ахвоту, каб добра падрыхтаваліся да сустрэчы з Хрыстом, які прыходзіць” (калекта I нядзелі Адвэнту).



З першай нядзеляй Адвэнту пачынаецца новы літургічны год. Касцёл заклікае сваіх вернікаў да больш глыбокага разважання над таямніцаю Хрыста. З Хрыстом, Які ёсць пачатак і заканчэнне ўсяго, чалавецтва здзяйсняе паломніцтва да паўнаты Божага Валадарства, якое Ён сам пачаў праз сваё ўцелаўленне, збаўчую муку на крыжы і змёртвыхпаўстанне.


Адвэнт з’яўляецца сінонімам надзеі на вяртанне Хрыста. Хрыстос пастаянна прыходзіць да нас у сваім Слове і святых сакрамэнтах. Таксама мы чакаем Яго на прыканцы свету і тады даведаемся ўсю праўду пра Бога.


Таму падчас Адвэнту Божае Слова ставіць перад намі задачу павышэння пільнасці і адкрыцця сэрцаў на Хрыста. Мы павінны добра падрыхтавацца на сустрэчу з Панам, каб гэты дзень не застаў нас “як злодзей ноччу”.


Аб тым, як добра падрыхтавацца ў Адвэнце да свята Божага Нараджэння расказала сама Маці Божая святой сястры Фаустыне. Пад датай 29 лістапада 1936 г. у Дзённіку чытаем: Маці Божая навучыла мяне, як я павінна падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Я сёння бачыла Яе без Дзіцяткі Езуса. Яна сказала мне: “Дачка мая, імкніся да ціхасці і пакоры, каб Езус, які пастаянна жыве ў тваім сэрцы, мог адпачнуць. Ушаноўвай Яго ў сваім сэрцы, не выходзь з унутранай засяроджанасці. Дачка мая, я ўпрашу для цябе такога ўнутранага жыцця, каб ты, не пакідаючы ўнутранай засяроджанасці, знешне выконвала ўсе свае абавязкі яшчэ больш старанна. Пастаянна прабывай з Ім у сваім сэрцы, Ён будзе тваёю сілаю; са стварэннямі кантактуй настолькі, наколькі гэтага патрабуе неабходнасць і вымыгаюць абавязкі. Ты - жытло, прыемнае Богу жывому, у якім Ён пастаянна з любоўю і задавальненнем прабывае, а жывая Божая прысутнасць, якую ты так выразна і жыва адчуваеш, умацуе цябе” (Дз 785).


Пан кажа ўсім: чувайце! Шчаслівыя, якія нясуць Хрыста ў сваім сэрцы і займаюцца яго справамі. Чуваць гэта выбраць тое, што абраў Хрыстос, любіць тое, што Ён палюбіў, прыпадабняць сваё жыццё да яго жыцця; чуваць гэта перажываць кожную хвіліну ў цені яго любові, не даючы пераадолець непазбежныя цяжкасці і праблемы штодзённага жыцця. “Вось, Пан прыходзіць, падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму” (Мк 1, 3).


Аўтар: кс. Ян Сарело

55 просмотров

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page