top of page

Святы Юда Тадэвуш, Апостал.


28 кастрычніка супольнасць Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне адзначае свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, апошні з’яўляецца адным з апекуноў Almae Mater.


Юда-з габр. (“годны пашаны”). Двое з Апосталаў мелі імя Юда, таму св. Юда быў названы Тадэвушам, каб адрозніць яго ад Юды Іскарыёта, здрадніка. Святы паходзіў з Каны Галілейскай і быў сваяком Езуса Хрыста, таксама з’яўляецца аўтарам адной з кніг Новага Запавету-Паслання святога Юды Тадэвуша. У Пасланні бачна вялікая пакора святога, які не згадвае пра сваё сваяцтва з Езусам, але называе сябе Яго слугою.


Місіяй св. Юды Тадэвуша было абвяшчэнне Евангелля, спачатку ён сведчыў пра Хрыста ў Месапатаміі, пазней у Персіі са св. Сымонам і з таго часу Апосталы разам абвяшчалі веру ў Хрыста ў Лівіі і Персіі. Не дзіўна, што іх дзейнасць выклікала нянавісць у паганаў, абодва прынялі пакутніцкую смерць: іх забілі кіямі.


Рэліквіі святога знаходзяцца ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. Цікава, што яны пакладзеныя ў капліцы Найсвяцейшага Сакрамэнту. Святы з належнай пакорай паклапаціўся аб тым, каб яго прыхільнікі аддавалі пашану Езусу Хрысту. Вось такі святы, забыты і схаваны Апостал апошніх месцаў. Ён не звяртае на сябе ўвагі, калі мы спрабуем спыніць свой погляд на ім, ён адразу накіроўвае нас да Хрыста.


Так склалася, што ў семінарыйнай капліцы няма ніякой выявы св. Юды Тадэвуша і для семінарыстаў гэта вельмі вымоўны знак, каб будучыя распарадчыкі святых таямніцаў, прапаведнікі, спаведнікі і духоўныя кіраўнікі, не засяроджваліся на сабе, але на Настаўніку і ў будучым вялі народ Божы да збаўлення і былі пастырамі на ўзор Хрыста-Добрага Пастыра. Святы Юда Тадэвуш, нібы кажа нам: у Касцёле не пасады, годнасці і навуковыя адзнакі найважнейшыя, але Хрыстус, які зўяўляецца “Дарогай, Праўдай і Жыццём”.

духоўны айцец Ян Сарэла



66 просмотров

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page