Мінулі Святы Божага Нараджэння, наступіў Новы год, і гэта азначае, што пара вяртацца да звычайнага жыцця. Дзецям трэба ісці ў школу, студэнты здаюць экзамены, дарослыя ўваходзяць у працоўны рытм. Святы, канікулы, адпачынак – усё гэта добра, важна і вельмі патрэбна. Жыццё семінарыста ў гэтым плане не на многа адрозніваецца ад жыцця іншых людзей. Пасля святочнага перапынку будучыя святары таксама вяртаюцца да звычайнага рэжыму. Наперадзе экзаменацыйная сесія – час замацавання і праверкі атрыманых ведаў, інтэнсіўнай падрыхтоўкі, напружання сіл.

Перыяд сесіі крыху адрозніваецца ад звычайнага часу навучання. Зараз распавяду, як выглядае такі дзень. Пад’ем падчас сесіі на 30 хвілін пазнейшы, чым звычайна. Здаецца, толькі паўгадзіны, а розніца проста велізарная – кожная хвіліна сну на вагу золата. Затым паўгадзінкі, каб прывесці сябе ў парадак, і трэба ісці на ранішнія малітвы, звычайна гэта Ютрань і разважанне Божага слова. Пазней Эўхарыстыя – галоўная частка дня. Са св. Імшы як семінарысты, так і фарматары чэрпаюць духоўныя сілы на цэлы дзень. А пасілкаваўшыся духоўна, трэба набрацца і фізічных сіл падчас сняданку.
Прамежак часу ад сняданку да абеду, з невялікім перапынкам на каву, семінарысты выкарыстоўваюць на падрыхтоўку да экзамену. Час для самападрыхтоўкі стаіць у распарадку дня таксама пасля абеду – 2 гадзіны, і пасля вячэры – 1 гадзіна. Астатні час семінарыст выкарыстоўвае на адпачынак і на выкананне абавязкаў па семінарыі. Вечарам застаецца толькі паўгадзіны для духоўнага чытання і супольная вячэрняя малітва – Камплета.

Добра, з распарадкам дня крыху разабраліся. Цяпер звернем увагу на сам працэс падрыхтоўкі да экзаменаў.
Дысцыпліны, якія вывучаюцца ў духоўнай семінарыі, адрозніваюцца ад тых, што праходзяць ў свецкіх універсітэтах. Тут няма вышэйшай матэматыкі, эканомікі, электрамеханікі і падобных, хоць семінарысты таксама вывучаюць і філасофію, і замежныя мовы, і псіхалогію. Але два асноўныя кірункі навучання – гэта філасофія і тэалогія. Колькасць экзаменаў залежыць ад курса і колькасці прадметаў на курсе. Падчас сесіі семінарыст можа здаць ад чатырох да сямі экзаменаў. Дысцыпліны розныя: гэта можа быць гісторыя філасофіі, гісторыя Касцёла, антрапалогія, логіка, метадалогія, касмалогія, тэадыцэя, метафізіка і іншыя філасофскія навукі на першых двух курсах, а таксама розныя тэалагічныя дысцыпліны, такія, як фундаментальная і дагматычная тэалогія, маральная тэалогія; між гэтым кананічнае права і экзэгеза Старога і Новага запаветаў.
Перад сесіяй семінарысты атрымліваюць ліст з асноўнымі тэзісамі і пытаннямі, а таксама агаворваецца матэрыял і літаратура, патрэбная для падрыхтоўкі да экзамену. І на працягу сесіі перад навучэнцамі семінарыі прастора для працы – паўтор пройдзенага матэрыялу, падбор розных методык для запамінання інфармацыі, састаўленне сціслага канспекту, выпісванне галоўных паняццяў і тэзісаў. У агульным і цэлым кожны шукае свой падыход і метад, каб добра падрыхтавацца да прадстаўлення ведаў, якія былі здабыты падчас семестра.

І вось наступае дзень экзамену. Будучыя святары чакаюць выкладчыка ў дамоўлены час, хвалююцца. Большасць экзаменаў працякае ў вуснай форме, а некаторыя – у пісьмовай. Аб гэтым дамаўляюцца раней, і залежыць гэта ад жадання і схільнасцей выкладчыка і студэнтаў. Варта зазначыць, што працэс навучання праходзіць на некалькіх мовах. У асноўным, гэта польская, руская і беларуская мовы. Таму на рабочым стале семінарыста можна ўбачыць Біблію на некалькіх мовах, розныя падручнікі і кнігі на рускай, польскай і беларускай мовах. Добра і вельмі практычна тое, што прадстаўляць веды на экзамене можна на зручнай табе мове. Тут таксама даецца свабода выбраць: лягчэй гаварыць і перадаваць інфармацыю на беларускай – калі ласка, адказвай на беларускай, хочаш папрактыкавацца ў польскай мове – можаш адказваць на польскай, абы толькі разумеў і ведаў матэрыял. Семінарысты цягнуць білеты або выкладчык сам задае пытанні. Наступае кароценькі час падрыхтоўкі, пасля непасрэдна сам адказ. 10 – 20 хвілін і гатова! Выходзіш з аўдыторыі – і нібыта камень з плячэй упаў. У той момант здадзены экзамен здаецца самым вялікім шчасцем. Вядома, бывае і па-іншаму, калі трэба давучыць, дачытаць і пераздаць пазней, але, дзякуй Богу, такое здараецца рэдка. Пасля экзамену можна “адвесці дух”, трошкі адпачыць, ёсць магчымасць выйсці ў горад, а пазней трэба непасрэдна брацца за наступны экзамен.
І так экзамен за экзаменам. Глядзіш – і ўжо канец. Радасная падзея, якую чакаюць семінарысты ўсю сесію, – ад’езд дадому. Пасля напружаных двух тыдняў можна некалькі дзён зноў адпачыць дома і набрацца сіл на новы навучальны семестр.