top of page

Слова на VI Велікодную нядзелю Ян 15, 9-17


Езус кажа нам любіць адзін аднаго, як Ён палюбіў нас, а палюбіў нас да такой ступені, што аддаў за нас сваё жыццё. Насамрэч рэдка які чалавек можа аддаць жыццё за бліжніх. Меў такую аказію св. Максіміліян Кольбэ, аддаў жыццё за мужа і бацьку сям’і ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенціме. Бл. Марыя Бернацкая ўпрасіла эсэсаўцаў расстраляць яе замест нявесткі, якая знаходзілася на апошніх тыднях цяжарнасці. Многія людзі аддалі сваё жыццё, апякуючыся хворымі халерай, чумой або тыфам. Аднак усё гэта належыць да надзвычайных сітуацыяў.


Мы ў большасці не пакліканы аддаваць жыццё за бліжніх, але ўсе мы, і то кожны дзень, пакліканы да міласэрнасці, ахвяраваць нашым бліжнім сваё сэрца, свой час, часам грошы.

Пан Езус даў сястры Фаўстыне такі наказ: “Будзь заўсёды міласэрная, як і Я міласэрны. Любі ўсіх з любові да Мяне, нават найбольшых ворагаў, каб у тваім сэрцы змагла адлюстравацца Мая міласэрнасць” (Дз. 1695). Чым больш будзе такога стаўлення паміж намі людзьмі, тым больш будзе Бога ў нашых сем’ях і супольнасцях.


Запаведзь любові скіравана хутчэй на таго, хто хоча служыць Богу, чым на таго, хто павінен нешта выканаць пад прымусам. Запаведзь Езуса – гэта не наказ, загад або прадпісанне, але падказка, дапамога, паказальнік, ні ў якім выпадку літара Закона, а менавіта ўказанне на тое, як Ён жыў: "Як Я палюбіў вас", “Заставайцеся ў любові Маёй" – указанне, якое дапамагае наследаваць Езуса.


Вучні ўбачылі ўзор любові і сталі Яго сябрамі. Запаведзь любові - запаведзь не для слугаў, але для сяброў.

духоўны айцец Ян Сарэла

12 просмотров

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page