Прачытаўшы матэрыял пра службу бліжняму, у мяне з'явілася жаданне падзяліцца з вамі сваімі думакамі і жыццёвым досведам у гэтай сферы. Бо лічу, што служачы бліжняму:
-- мы служым Богу, наследуем Яго і гэта змяняе нас;
-- вучымся праяўляць павагу, дабрыню, сапраўдную любоў, давер і цярпенне;
-- таксама становімся лепшым ілюдзьмі, нашай галоўнай каштоўнасцю становіцца любоў і сяброўства да бліжняга.
Вы скажаце, што гэта ўсё словы... Таму самы час звярнуцца да Езуса, Яго словаў і прыкладу.

Есус сказаў: "Я сярод вас, як той, хто служыць". (Лк 22, 27). А потым Ён засведчыў Свае словы сваім крыжовым шляхам, ці не?!
Хрысціяне - гэта паслядоўнікі Езуса Хрыста, таму таксама павінны служыць іншым. Хрыстовае служэнне вынікае са шчырай любові да Свайго Айца, і мы не павінны забываць, што Бог - наш Айцец. Ён узмацняе нас, калі мы не ведаем як, або не можам, бо гэта для нас вельмі цяжка. І Ён дае нам нагоды для служэння :)

Я павінен дапамагаць камусьці???
Некаторыя думаюць, што служэнне - гэта абавязак толькі бедных і сціплых людзей; іншыя думаюць, што - толькі багатых. А сучасны свет убівае ў нашы голавы думкі, што ўсе павінны штосьці нам, а мы - нікому нічога. І гэта вялікі зман, на які многія паддаюцца.
Мы ўсе павінны старацца быць гатовымі служыць, назалежна ад узросту, сацыяльнага становішча і фінансавых магчымасцяў. Бо служэнне - гэта таксама пакліканне чалавека! Калі не ведаеш, як гэта зрабіць - запытайся ў Духа Святога і Ён цябе навучыць (спосабам Яму вядомым).
Служачы бліжнім, мы робімся падобнымі да Езуса і выконваем Волю нябеснага Айца і гэта прыносіць нам благаслоўленне -- робіць нас шчаслівымі, а жыццё нашае - поўным.
І апошняя рэч (на гэты раз), якую важна зразумець яшчэ у юнацтве: каханне і любоў - гэта больш, чым пачуцці, гэта служэнне і адданне (а можа нават і ахвяраванне) сябе бліжняму.

кл. Віталій Гурэц