
Езус сказаў: “Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно”.
Голас – гэта спосаб камунікацыі, з яго дапамогай выказваем свае думкі, патрэбы і жаданні. Каб пачуць голас, патрэбны добры слых, але таксама і веданне мовы, на якой гаворыць голас. Калі мова невядомая, то, маючы нават самае чулае вуха – нічога не зразумеем. Таму варта спытаць сябе – ці разумееш, што кажа Езус Пастыр, ці
ведаеш Яго мову, ці пазнаеш Яго спосабы камунікацыі?
Як гэта праверыць? Збавіцель звяртаецца да нас па–рознаму, але сёння асабліва варта спыніцца над тым, ці слухаю я словы Настаўніка, якія знаходяцца на старонках Новага Запавету? Як часта чытаю Святое Пісанне? Якое месца Святое Пісанне займае ў маім жыцці? Не бойся, паспрабуй чытаць…
айцец духоўны Ян Сарэла