17 лютага, у дзень распачацця Вялікага посту, фарматары і клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі сабраліся разам у семінарыйнай капліцы. Урачыстую Святую Імшу з нагоды Папяльцовай серады ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.

Сваю гамілію іерарх пачаў са словаў Папы Францішка, паводле якога ў гэты благаслаўлёны час мы аднаўляем нашу веру, чэрпаем “жывую ваду” надзеі і прымаем з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая перамяняе нас у братоў і сясцёр у Хрысце.
“Падобна Ігнацыю Лаёле, нам варта знайсці новы план, каб уратаваць сваё жыццё. Гэта Божы план – пакліканне да святасці. Бог нас стварыў ідэальна, бо стварыў паводле свайго падабенства. І таму Ён заклікае, а Касцёл дапамагае нам перамяніцца, каб кожны з нас быў найлепшай версіяй сябе самога, згодна з Божым замыслам”, -- падкрэсліў ксёндз біскуп Юзаф Станеўскі.
Паводле традыцыі, удзельнікі Святой Імшы схілілі свае галовы перад алтаром, каб пасыпаць іх попелам у знак пачатку перыяду пакуты і пакаяння. Дарэчы, сёння ж клерыкі духоўнай семінарыі распачнуць велікапосныя рэкалекцыі.
Тэкст: Арцём Кір'янаў
Фота: Аляксей Ціхан