top of page

Тры дні пакаяння: у ВДС прайшлі велікапосныя рэкалекцыі

Духоўныя практыкаванні для клерыкаў з 17 па 20 лютага правёў ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Асаблівыя дні штогадовых велікапосных рэкалекцый -- надзвычай каштоўны час, бо менавіта духоўныя практыкаванні ў атмасферы засяроджання нярэдка дапамагаюць нанова адкрыць адносіны з Богам і паглыбіць іх, каб спаўняць волю Пана ў сваім жыцці.


Сёлета рэкалекцыі для семінарыстыў праводзіў Яго Эксцэленцыя ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пастыр прысвяціў дні духоўных разважанняў адразу некалькім тэмам. Ён засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на важнасці навяртання і пакуты, семінарыйнай фармацыі, малітвы і Эўхарыстыі ў жыцці святара, адносінаў з Паннай Марыяй, а таксама пытанням цэлібату і сталай фармацыі.


"Але галоўнае -- быць і заставацца чалавекам. Тады святар будзе менавіта тым чалавекам, да якога вернікаў прыцягвае, нібыта магнітам", -- падкрэсліў ганаровы мітрапаліт падчас аднаго з разважанняў.

У семінарыйнай капліцы навучэнцы збіраліся на ўрачыстую Ютрань і Камплету, падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта. Пятніца была прысвечана пакутным набажэнствам -- Крыжоваму шляху і сакрамэнту пакаяння. Цэнтрам жа кожнага дня духоўных практыкаванняў стала Святая Імша -- жывая сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі.


Адным з найбольш цікавых пунктаў праграмы стала нефармальная сустрэча з ганаровым мітрапалітам. Яго Эксцэленцыя не толькі распавёў пра свой досвед служэння ў Беларусі і Расіі, але таксама адказаў на хвалюючыя пытанні клерыкаў.



Як знак удзячнасці за праведзеныя рэкалекцыі семінарысты падарылі пастыру майку са здымкамі ўсіх навучэнцаў семінарыі ў Гродне.




Тэкст: Арцём Кір'янаў

Фота: Павел Леановіч, Аляксей Ціхан


141 просмотр

Недавние посты

Смотреть все
bottom of page