Цяжкасці не павінны засмучаць

Пост обновлен 5 дек. 2020 г.


Пра пакліканне


Першыя думкі аб тым, каб стаць святаром, да мяне прыходзілі яшчэ калі служыў міністрантам у пінскай катэдры. Глядзеў на святароў і хацеў быць падобным да іх. На мой светапогляд вельмі паўплывалі светлай памяці кард. Казімір Свёнтэк і пробашч роднай парафіі кс. Станіслаў Паўліна. Прыкладам свайго жыцця яны паказвалі ўзор, якім павінен быць сапраўдны душпастыр. Было бачна, што святары жывуць тым, аб чым гавораць. І я так хацеў.

Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. На апошнім курсе стаў сур’ёзна задумвацца, што далей рабіць у жыцці. Было вялікае жаданне дапамагаць людзям, і з гэтым вярталася думка пра святарства. Але адчуваў нейкі страх перад такім адказным рашэннем і звычайнае жаданне мець сям’ю. Можна сказаць, стаяў перад дылемай. Акурат тады сустрэў чалавека, які распавёў пра катэхетычны каледж у Баранавічах, што ёсць магчымасць быць сямейным кансультантам ці катэхетам. Я сказаў Богу: “Дапамагаць людзям можна не толькі будучы святаром!” – і паступіў у каледж.

Працуючы на “Радыё Марыя” ў Мінску, я завочна вучыўся ў каледжы і далей разважаў над сваім жыццёвым пакліканнем. Быў шэраг знакаў, якія дапамаглі прыняць няпростае рашэнне. Урэшце рэшт, скончыўшы 2 курсы каледжа, я паступіў у семінарыю. †


Пра семінарыю Семінарыя – гэта дом распазнання паклікання, а не месца, дзе “вучаць на святароў”. Пэўныя ўмовы, дысцыпліна, супольныя малітвы, спевы, вучоба, праца і адпачынак могуць дапамагчы ва ўзрастанні на шляху да святарства. Семінарыя з’яўляецца сэрцам дыяцэзіі, якое пульсуе з новай сілай з кожным новапасвечаным святаром. Пра цяжкасці У жыцці чалавека шмат цяжкасцей, і іх немагчыма прадказаць, але можна паспрабаваць падрыхтавацца. У семінарыйным жыцці, мне здаецца, цяжкасцей не шмат у параўнанні з жыццём па-за семінарыяй. Аднак ёсць свае выпрабаванні. Таму мы, семінарысты, вучымся іх пераадольваць, бо ведаем, што выпрабаванне нашай веры нараджае цярплівасць (параўн. Як 1, 2–4). Пра святарства Святарства – гэта служэнне па прыкладзе Езуса Хрыста. Яно зыходзіць з любові да Пана Бога і праяўляецца ў адданай паслузе бліжнім. Апостал Павел гаворыць: “І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос” (Гал 2, 20). Таму і святар пакліканы служыць Касцёлу, бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць (параўн. Мц 20, 28). Думаю, што… Калі Ты маеш намер наконт таго, каб прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям праз святарства ці манаства, варта адважыцца і пайсці за голасам Пана, які кліча. Нават калі вагаешся і маеш сумненні адносна свайго паклікання, то за час фармацыі зможаш разглядзець і асэнсаваць гэты дар.


Аўтар кл. Аляксей Заічанка

Просмотров: 56

Недавние посты

Смотреть все