
"Упершыню ў пілігрымку я пайшоў менавіта ў Будслаў. Ішоў з Ліды, бо там нарадзіўся і жыў увесь час да семінарыі. Памятаю балючыя мазалі, доўгі шлях, спякотнае надвор'е і моцныя дажджы. Але нішто з гэтага не прымусіла мяне нават задумацца павярнуць назад. Бо кожны з нас, ішоўшых у санктуарый, прагнуў сустрэцца з Маці Божай Будслаўскай.
Дзевяць дзён, 250 кіламетраў дарогі – бадай, кожны спалохаўся б. Але гэты шлях, напоўнены падтрымкай людзей вакол цябе, дае магчымасць апынуцца ў асяроддзі, дзе няма думак аб працы, клопату пра штодзённыя цяжкасці. Бог дае нам шанец зноў адчуць Яго прысутнасць і важнасць, прыліў сіл і любоў да бліжняга.
Пілігрымка – добры спосаб сустрэцца ў сваім жыцці з Богам. Шлях да Будслава – яшчэ і досвед, і добрае сведчанне веры, калі хтосьці знаходзіцца ў пошуку і можа асабіста запытацца "А як ты знайшоў Пана?"
Цяпер, з прычыны пандэміі, у звычайным фармаце паломніцтвы прыпынены. Таму я сумую па той атмасферы радасці і усмешкам, якіх, напэўна, хоць раз у жыцці дазнаў кожны пілігрым. Але спадзяюся, што гэта не стане перашкодай, каб сёлета зноў наведаць Маці Божую Апякунку Беларусі".
Кл. Аляксей Ціхан